• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

ДЫЯЛОГАВАЯ ПЛЯЦОЎКА. Эканоміка – фрагмент жыцця рэгіёна

03.02.2021
Пытанні эканомікі рэгіёна былі разгледжаны пад час работы дыялогавай пляцоўкі «Праблемы развіцця эканомікі і бізнэса ў Петрыкаўскім раёне», што прайшла ў раённым Доме культуры. Мерапрыемства правяла намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава.
 На сустрэчу сабраліся прадстаўнікі банкаўскай галіны, кіраўнікі і спецыялісты прамысловых і абслугоўваючых арганізацый. Некаторыя лічбы па асноўных эканамічных паказчыках агучыла начальнік аддзела эканомікі Таццяна Жукавец. Таццяна Васільеўна засяродзіла ўвагу, што 2020 год – год ва ўмовах падэміі – стаў складаным для ўсіх галін гаспадарання. Каранавірус унёс свае карэктывы не толькі ў паўсядзённае жыццё жыхароў Петрыкаўшчыны, але і ўдарыў па асноўных эканамічных паказчыках арганізацый і прадпрыемстваў. Так, за мінулы год тавараабарот грамадскага харчавання асобных суб’ектаў скараціўся на 20-30%. Не лепшы вынік, са слоў Таццяны Васільеўны, будзе і па выніках работы за студзень 2021 года – тэмп росту не перавысіць 90%. Што датычыць прыцягнення інвестыцый у асноўны капітал, то за мінулы год паказчык склаў 437,9 мільёна рублёў, з іх большая частка – 80% – за кошт ААТ “Беларуськалій”. Далейшае развіццё і рэалізацыя інвестпраектаў – гэта будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома (кітайскія інвестары), гандлёвага цэнтра “Вясёлкасвет”, будаўніцтва цэха па вырабе пілетаў. Увогуле раён прапануе  рэалізацыю шасці інвестыцыйных ідэй на агульную суму 141 мільён долараў. Ці ўдасца ператварыць запланаванае ў жыццё – пакажа час. Пытанне росту заработнай платы таксама стаіць асноватворным. Так, па выніках за мінулы год тэмп росту намінальнай заработнай платы да ўзроўню 2019 года склаў у раёне 116,8%. На бягучы год гэты паказчык запланаваны ў межах 107,4%. Некаторыя моманты па ўнясенні змяненняў ва Указ № 143 “Аб падтрымцы эканомікі” агучыла спецыяліст аддзела эканомікі Вольга Нікель. Дакладней, было закранута пытанне ўвядзення мараторыю на павелічэнне базавай арэнднай велічыні. Прысутныя ў зале таксама агучылі свае пытанні. Так, дырэктара аддзялення Белаграпрамбанка Ніну Папко хвалюе пытанне “нулявых абаротаў” праз тэрміналы банка, якія ўсталяваны ў прыватных кропках гандлю. Калі разлік ідзе наяўнымі сродкамі, то гэта гаворыць пра ценевую эканоміку. Няма тэрміналаў і на гарадскім рынку, што таксама складае пэўныя цяжкасці для спажыўцоў. Ды і чэкі – пацвярджэнне пра набыты тавар, а калі іх няма, то пры вяртанні тавару магчымыя спрэчкі. Сёлета жылфонд, што належыць КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”, застаўся без датацый. Пра гэта паведаміла прадстаўнік прадпрыемства Марына Белькавец. Была выказана і ініцыятыва павелічэння тарыфаў для юрыдычных асоб на паслугі ЖКГ, якія не ўзрасталі з 2019 года. Гэта пазіцыя не дае магчымасці зарабіць дадатковыя сродкі. Вярнуць малым прадпрыемствам адзіную ўплату падаткаў у памеры 5% – такое пажаданне агучыў дырэктар ААТ “Петрыкаўскі КБА” Віталій Карнійчук. Віталій Валер’евіч лічыць, што гэта пытанне варта агучыць на лютаўскім форуме. Такая пазіцыя зразумелая, бо ў сённяшніх умовах цяжка выстаяць нават невялікім прадпрыемствам. Пра запазычанасць за карыстанне электраэнергіяй паведаміў прадстаўнік энергагазінспекцыі Юрый Дамасевіч. Так, сельгаспрадпрыемствы за карыстанне электраэнергіяй у 2020 годзе разлічыліся толькі на 12,2% у той час калі ў іншых рэгіёнах гэты паказчык дасягае ад 30 да 100 працэнтаў. Сітуацыя па затрымках разлікаў склалася і ў некаторых бюджэтных арганізацыях. Гэта пытанне намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава вынесла на абмеркаванне асобна.