• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Першамайская першай сустрэне гасцей

19.04.2019

З пачаткам правядзення добраўпарадкавання ў нашым горадзе, галоўнай тэмай для абмеркавання ўсюды – дома за вячэрай, на працы напачатку працоўнага дня, з сябрамі па тэлефоне – сталі змены на вуліцах. Плошча, парк, аўтавакзал, стадыён, цэнтральныя вуліцы цяпер выклікаюць больш пытанняў: якімі будуць, калі?

Месцамі з груд зрэзанага асфальту, знятых бардзюраў і пліткі, перакопаных дарог і плошчаў ужо вымалёўваюцца контуры таго, што ў хуткам часе прадстане перад намі ва ўсёй сваёй адноўленай прыгажосці.

Дзесяць дарожна-будаўнічых арганізацый вобласці, аб’яднаных ва ўнітарнае прадпрыемства “Гомельаблдарбуд”, працуюць у нашым горадзе. Але, здаецца, самы складаны участак прыводзяць у адпаведнасць з новым праектам менавіта нашы спецыялісты – ДРБУ №112. Землякі пакуль працуюць на вуліцы Першамайскай, ад ўезду ў горад да перакрыжавання з вуліцай Бумажкова. Складанасць заключаецца ў тым, што пры правядзенні работ нельга перакрыць галоўны ўезд у горад, трэба ўзгадніць свае дзеянні са службамі вода- і газазабеспячэння, якія тэрмінова замяняюць свае камунікацыі па вуліцы, каб потым не давялося псаваць новае пакрыццё.

Здавалася б, што можна змяніць на звычайнай гарадской вуліцы, дзе да таго ж размяшчаецца нямала прадпрыемстваў. Але ж, мяркуючы па праекце, будзе ў новым абліччы яна малапазнавальная. Дырэктар ДРБУ №112 Іван Века, знаёмячы нас з дакументацыяй, пазначыў, што тут будуць абсталяваны некалькі аўтобусных прыпынкаў – каля ПМК і аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Гэта неабходна для курсіравання гарадскога грамадскага транспарту, маршруты якога будуць уведзены пасля абсталявання ўсіх прыпынкаў. Шырыня вуліцы ад аўтазапраўкі да вуліцы Чапаева будзе павялічана на 1-2 метры і складзе 8-9 метраў. Па абодвух баках вуліцы – тратуары. Аўтамабільныя стаянкі памяняюць сваё аблічча, а тая, што каля ДРБУ нават упрыгожыцца зялёнай зонай. Дарэчы, мяркуючы па праекце, зялёных зон па ўсёй вуліцы стане больш, чым было раней. Працы камунальным службам будзе больш.

Іван Века пазначыў, што ў сувязі з вялікай занятасцю ўсіх кадраў прадпрыемства, давялося па дагаворах прыняць на працу больш 10 чалавек. Нягледзячы на маштабнае добраўпарадкаванне горада, з іх ніхто не здымаў адказнасці за своечасовае правядзенне па ўсёй тэрыторыі раёна ямачнага рамонту дарожнага пакрыцця, аднаўленні пасля зімы прыпыначных павільёнаў і пасадачных пляцовак, мастоў. Нават інжынерна-тэхнічныя работнікі прыцягваюцца да добраўпарадкавання.

Горад будзе прыгожым і непазнавальным. Трэба толькі пачакаць, пацярпець і не сумаваць па тым, што стала звыклым, але з часам перастала быць эстэтычным. Аднаўленне – заўсёды да лепшага.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА