• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Хочаш зарабіць – не трэба ленавацца

20.03.2019

Як мы ўжо адзначалі на старонках раённай газеты раней, на Петрыкаўшчыне праходзіць рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, мэта якой – вылучэнне лепшых аператараў машыннага даення і жывёлаводаў у калектывах малочна-таварных ферм і комплексаў сельгаспрадпрыемстваў раёна з абавязковым шанаваннем.

На мінулым тыдні з такой нагоды старшыні аб’яднання прафсаюзаў раёна Галіна Шчэрбак і райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Берднік наведалі малочна-таварную ферму “Бабунічы” КСУП “Запаветы Ільіча”. За дасягнутыя поспехі ў надоях малака і вырошчванні жывёлы па выніках работы за люты месяц ва ўрачыстай абстаноўцы заслужаныя ўзнагароды – Ганаровыя граматы федэрацыі прафсаюза і падарункі – атрымалі аператар машыннага даення Валянціна Цімашышына і жывёлавод на вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ва ўзросце пасля 12 месяцаў Валянціна Ткачук.

Трэба сказаць, што працаўніцы былі вельмі задаволены такім візітам. Валянціна Андрэеўна і Валянціна Аляксандраўна адзначылі, што вельмі прыемна, калі да іх прыязджаюць, наведваюць, гутараць, а тым больш, яшчэ і з падарункамі. Таму і паабяцалі не саступаць сваіх пазіцый, а толькі іх умацоўваць.

Акрамя таго Галіна Шчэрбак і Ірына Берднік пацікавіліся ў жывёлаводаў умовамі працы і адпачынку, заробкамі, а таксама выслухалі некаторыя заўвагі наконт недастатковай колькасці або ўвогуле адсутнасці тавараў першай неабходнасці ў мясцовым магазіне райспажыўтаварыства.

Калі гаварыць пра заробкі, дык, як адзначылі працаўнікі МТФ, калі не ленавацца і працаваць як патрэбна, можна зарабіць годную заработную плату. З чым, канечне, не пагадзіцца нельга.

 

Дзмітрый БЯЛЬКО,
фота аўтара