• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны вобласці

"Гомельшкло" прапрацоўвае варыянты мадэрнізацыі вытворчасці

29.07.2020

Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Гомельшкло" прапрацоўвае варыянты мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей. Аб гэтым ішла размова ў час наведвання прадпрыемства старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Іванам Тэртэлем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства, тут працуюць амаль 2 тыс. чалавек. У 2010 годзе яно было мадэрнізавана, працуе даволі паспяхова, захоўваючы моцны калектыў. Ёсць праекты па мадэрнізацыі і далейшым нарошчванні магутнасцей, заваяванні новых рынкаў. Цяпер кіраўніцтва прапрацоўвае варыянты для наступнага абнаўлення, і дзяржава падставіць плячо ў такой сітуацыі. Для гэтага ёсць усе неабходныя інструменты", - сказаў Іван Тэртэль.
Старшыня КДК адзначыў, што ва ўмовах няпростых 1990-х гадоў, калі вырашалася пытанне аб далейшым лёсе прадпрыемства, яно было захавана дзякуючы рашэнню кіраўніка дзяржавы. "Сёння "Гомельшкло" паказвае нядрэнную эканамічную эфектыўнасць, мае далейшыя перспектывы. Думаю, гэта адно з самых перспектыўных прадпрыемстваў рэгіёна і ў цэлым краіны", - сказаў ён.
Як удакладнілі на прадпрыемстве, сітуацыя з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі на сусветнай арэне паўплывала і на работу завода. Мэтавыя рынкі за мяжой былі закрыты. У свой час кіраўніцтвам ААТ "Гомельшкло" па ўзгадненні з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва было прынята рашэнне аб зніжэнні прадукцыйнасці ліній ліставога шкла пад заказы, якія паступаюць. Дзякуючы гэтаму ўдалося выстаяць і захаваць калектыў. З мая сітуацыя пачала выраўноўвацца, штодзень нарошчваюцца аб'ёмы паставак на экспарт.
За час абмежаваных адгрузак спецыялісты праводзілі маніторынг шклянога рынку, абазначалі кола патэнцыяльных партнёраў, працавалі над напаўненнем партфеля заказаў. Сёння на прадпрыемстве гатовы аператыўна рэагаваць на ўзрастаючы попыт і істотна нарошчваць аб'ёмы вытворчасці. Больш за 75 працэнтаў прадукцыі "Гомельшкло" адпраўляецца на экспарт. На еўрапейскім рынку запатрабавана шматслойнае загартаванае шкло. Асноўныя партнёры - Украіна і Расія.
У час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць Іван Тэртэль азнаёміўся з вытворчасцю шкла, вывучыў рынкі збыту і перспектывы развіцця прадпрыемства, адказаў на пытанні калектыву.
ААТ "Гомельшкло" створана ў 1994 годзе на базе Гомельскага шклянога завода імя М.В.Ламаносава. Асноўны напрамак вытворчасці - выпуск ліставога тэрмапаліраванага шкла вялікага фармату. Бясколернае і празрыстае ліставае шкло - неабходны кампанент для вытворчасці будаўнічых святлопразрыстых канструкцый, вырабу шкла з пакрыццём, аўтамабільнага і бяспечнага шкла, вырабаў са шкла для мэблі і многіх іншых відаў спецыяльнага шкла. На прадпрыемстве працуюць 1,9 тыс. чалавек.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)