• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
Галоўная -  Навіны -  Навіны вобласці

Крызісны цэнтр Чырвонага Крыжа адкрылі пасля рэканструкцыі ў Гомелі

12.10.2022
12 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа правяла рэканструкцыю Крызіснага цэнтра, які адкрыўся пасля абнаўленняў 11 кастрычніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзякуючы праведзеным работам, а дабудавана практычна 60 кв.м, дапамогу ў цэнтры цяпер змогуць атрымліваць адначасова да 15 чалавек (раней да 10) - бяздомныя, людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, бежанцы, тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, якія пацярпелі ад пажару, ахвяры гандлю людзьмі і іншыя.

Як расказала старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі Ала Смаляк, пры рэканструкцыі, акрамя жылога пакоя, дабудавалі яшчэ адзін санвузел, расшырылі кухонную зону, уцяплілі будынак, замянілі дах. На тэрыторыі абсталявалі стаянку для аўтамабіляў, з'явілася новая дзіцячая пляцоўка. "Я лічу, дзякуючы расшырэнню Крызіснага цэнтра мы зможам больш эфектыўна аказваць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу, хто трапіў у розныя жыццёвыя сітуацыі", - дадала яна.

У цэнтры даюць не толькі часовы прытулак (да трох месяцаў), харчаванне, але і дапамагаюць аднаўляць пашпарты, афармляць часовую рэгістрацыю, групу інваліднасці, пасведчанне на права жыхарства, дакументы для атрымання пенсій і дапамог, аказваюць садзейнічанне ў працаўладкаванні і г.д. "Усё гэта не было б магчымым, калі б мы цесна не ўзаемадзейнічалі з органамі ўлады. Гэта выдатны прыклад узаемадзеяння грамадскага аб'яднання з дзяржаўнымі органамі ўлады. Разам мы змаглі не толькі пабудаваць і правесці рэканструкцыю памяшкання. Дзякуючы сумеснаму комплекснаму падыходу мы зможам забяспечыць людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе, добрае жыццё", - падкрэсліла Ала Смаляк. Яна падзякавала за дапамогу ўсім партнёрам, спонсарам, прадпрыемствам.

З моманту адкрыцця цэнтра ў снежні 2018 года другі дом у ім знайшлі дзясяткі людзей, звярнуў увагу намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. "Гэта людзі, якія мелі патрэбу ў вялікай сацыяльнай рэабілітацыі, падтрымцы", - канкрэтызаваў ён.

"Адным з галоўных складнікаў дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі з'яўляецца клопат аб чалавеку. І адкрыццё цэнтра, яго расшырэнне ў тым ліку, паказваюць, што чалавек, які мае патрэбу ў падтрымцы, атрымае яе", - сказаў Уладзімір Прывалаў.

Важнасць работы Крызіснага цэнтра адзначыў і прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Мамо Мулусеу. "Гэта вельмі добры, карысны аб'ект. Тут можа атрымаць дапамогу любы грамадзянін (Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), іншаземец, які мае патрэбу ў абароне", - сказаў ён.

Мамо Мулусеу ацаніў і дапамогу, якую аказваюць у Беларусі грамадзянам Украіны. "Беларускі народ адкрыў граніцу і даў абарону для (украінскіх. - Заўвага БЕЛТА) людзей. Гэта вельмі важна", - сказаў прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі. Ён звярнуў увагу, што размова ідзе ў тым ліку аб матэрыяльнай дапамозе, прававой абароне.

Словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагаў у рэканструкцыі цэнтра, хто кожны дзень працуе ў імя падтрымкі людзей, адрасаваў на цырымоніі адкрыцця генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Ужо больш як месяц у Крызісным цэнтры жыве гамяльчанін Пётр Лук'янцаў. Лёс склаўся так, што ён страціў бацькоўскі дом. "Жыў у лесапаласе, потым маю палатку падпалілі, згарэлі ўсе дакументы. Адзін чалавек параіў мне звярнуцца ў цэнтр. Так я прыйшоў у Чырвоны Крыж. Тут вельмі добра ставяцца. Умовы камфортныя. Мне дапамаглі аднавіць пашпарт, буду цяпер уладкоўвацца на працу куды-небудзь", - падзяліўся мужчына. У знак удзячнасці ён напісаў некалькі пейзажаў, нацюрмортаў, якія ўпрыгожылі ўжо сцены памяшкання. "Я самавучка. Малюю ў вольны час. Душа да гэтага ляжыць. Прыемна, што мае работы тут ацанілі", - прызнаўся Пётр Лук'янцаў.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)