• Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны вобласці

Лятаючыя людзі, воднае шоу, этназаафэст: "Кліч Палесся" гатовы здзівіць гасцей фестывалю

27.07.2022
27 ліпеня, Петрыкаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" збярэ ў гэтым годзе каля 5 тыс. гасцей. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Нацыянальны парк "Прыпяцкі" Юрый Апановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Будзе задзейнічана ўся тэрыторыя музея пад адкрытым небам у Ляскавічах. У гэтым годзе яшчэ больш ярка і багата будуць прадстаўлены падворкі Гомельскай і Брэсцкай абласцей, якія палюбіліся гасцям. Арганізуем больш дзіцячых пляцовак для гульні. Плануюцца і новаўвядзенні. Так, з'явіцца тэрыторыя этназаафэсту з элементамі кантактнага заапарка. Разгорнецца конкурс аматараў рыбалкі. Сваю аўдыторыю збярэ фестываль кнігі і прэсы. Асобная пляцоўка "Партызанскі край" будзе прысвечана Году гістарычнай памяці. На працягу дня госці свята змогуць атрымаць задавальненне ад прагулкі на цеплаходзе або лодцы па Прыпяці. Гэта невялікае воднае падарожжа пакіне шмат прыемных эмоцый. Адметнасцю стане лазернае і воднае шоу", - прыадкрыў сюрпрызы праграмы гененеральны дырэктар.

Дырэктар ДК "Навабеліцкі" і галоўны рэжысёр фестывалю Аляксандр Бандарэнка падкрэсліў, што важна з густам і сэнсам прадставіць традыцыйныя пляцоўкі - падворкі рэгіёнаў Прыпяцкага Палесся. У гэтым годзе ў іх радах папаўненне - 13 замест 11. Іх праграма будзе аб'яднана адзінай тэматыкай - палескі кірмаш з яркім мясцовым каларытам. На кожным падворку будзе свая адметная асаблівасць.

Удзел таксама пацвердзілі многія творчыя калектывы з Расіі: Пензы, Ніжняга Ноўгарада, Масквы і інш. Паводле задумы рэжысёра з улікам лакацыі ў воднай роўнядзі і магчымасцей калектываў вырашылі "крыху пагуляць з вадой". "Госці з Ніжняга Ноўгарада прадставяць воднае шоу з піратэхнічнымі элементамі. Упершыню на фестывалі - лятаючыя людзі", - дадаў Аляксандр Бандарэнка, не раскрываючы ўсіх падрабязнасцей.

За званне "Самы моцны паляшук" пазмагаюцца больш за 10 моцных удальцоў. Ім трэба будзе прадэманстраваць свае магчымасці ў розных сілавых выпрабаваннях.

Праграма насычаная і каларытная, запэўніў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. "Агульная тэатралізаваная лінія фестывалю будзе звязана з пошукам сэрца Палесся. У гэтым годзе гасцям свята будуць дапамагаць артысты ў вобразах герояў міфаў. Паводле творчай легенды гэта знаходка дасць магчымасць кожнаму з нас стаць самымі шчаслівымі на роднай зямлі", - падзяліўся ён.

Праграму дапоўніць таксама круглы стол па пытаннях развіцця рэгіянальнага турызму ў Беларусі.

Як расказаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў, не абыдзецца без конкурсу прыгажосці і грацыі "Палеская прыгажуня", які стаў візітнай карткай фестывалю. 11 цудоўных жыхарак Прыпяцкага Палесся падалі заяўкі на ўдзел. Цяпер дзяўчаты актыўна рыхтуюцца паўстаць ва ўсёй красе на сцэне. Завершыць фестываль традыцыйнае відовішчнае вячэрняе шоу.

Праграму дапоўніць таксама круглы стол па пытаннях развіцця рэгіянальнага турызму ў Беларусі.

Міжнародны фестываль "Кліч Палесся" накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей прыгранічных рэгіёнаў. Ён праводзіцца раз у два гады. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, Нацыянальны парк "Прыпяцкі".-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)