• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пройдзе ў Мінску 29-30 ліпеня

23.07.2019
23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пройдзе ў Мінску 29-30 ліпеня. Ён адбудзецца ў час афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Удзел у форуме прымуць прадстаўнікі рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, дзелавыя колы дзвюх краін. Дэлегацыю Узбекістана ўзначаліць першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Садык Сафаеў. З узбекскага боку будуць прадстаўлены Андыжанская, Бухарская, Джызакская, Наманганская, Самаркандская, Харэзмская, Ферганская і Ташкенцкая вобласці.
"Праграмай форуму прадугледжаны тры секцыі: па пытаннях прамысловай кааперацыі, аграпрамысловага комплексу, а таксама ўзаемадзеяння ў гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах. Галоўнай тэмай пленарнага пасяджэння стане супрацоўніцтва рэгіёнаў як ключавы фактар развіцця міждзяржаўных адносін", - расказалі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента. Чакаецца, што на пляцоўках форуму будуць падпісаны амаль 15 міжрэгіянальных пагадненняў аб супрацоўніцтве, а таксама камерцыйныя кантракты.
Госці і ўдзельнікі форуму змогуць азнаёміцца з выстаўкай-кірмашом узбекскіх тавараў. Тэматычныя выстаўкі будуць працаваць і на секцыях. Акрамя таго, у дні форуму ў Мінску адкрыюць помнік-бюст узбекскаму паэту Алішэру Наваі.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам у 2018 годзе вырас на 20 працэнтаў у параўнанні з 2017-м і склаў $157 млн.-0-