• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Саўмін зацвердзіў стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусі да 2030 года

23.06.2021

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусі да 2030 года. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 19 чэрвеня 2021 года нумар 349, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Стратэгія - комплексны дакумент, якім замацавана сістэма афіцыйных поглядаў і падыходаў да ўдасканалення ўмоў для эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці Беларусі да 2030 года. Яна ўяўляе сабой інструкцыю для дзейнасці суб'ектаў маладзёжнай палітыкі на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях, мае міжсектаральны характар і прадугледжвае цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне ў рэалізацыі сумесных праграм, праектаў і мерапрыемстваў, якія арыентаваны на маладых грамадзян.
Акрамя таго, стратэгіяй прадугледжаны меры па забеспячэнні зваротнай сувязі паміж дзяржорганамі, дзяржарганізацыямі, якія рэалізуюць маладзёжную палітыку, і самой моладдзю.
Яе мэтамі з'яўляюцца стварэнне ўмоў для запатрабаванасці моладзі ў краіне, узмацненне ўключанасці маладых грамадзян у рэалізацыю дзяржаўных задач па грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. Сярод прынцыпаў яе рэалізацыі - прыцягненне маладых грамадзян да непасрэднага ўдзелу ў развіцці краіны, фарміраванні і рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, праграм, якія датычацца моладзі і грамадства ў цэлым.
Да асноўных прыярытэтаў стратэгіі аднесены, у прыватнасці, павышэнне якасці нацыянальнай сістэмы адукацыі і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, занятасць і здароўе моладзі, захаванне сямейных каштоўнасцей і падтрымка маладой сям'і, моладзь у грамадска-палітычным жыцці краіны, маладзёжныя грамадскія аб'яднанні, прававое выхаванне моладзі.
"Галоўным вынікам рэалізацыі стратэгіі стане павелічэнне долі моладзі, занятай у розных формах грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця (да 90 працэнтаў да 2030 года), якая мае творчае і праектнае мысленне, камунікатыўныя навыкі, прадпрымальніцкія ўменні, сфарміраваны цэласны светапогляд з устойлівымі каштоўнаснымі арыенцірамі", - гаворыцца ў дакуменце.
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)