• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

У Беларусі стартавала акцыя "Бяспека - у кожны дом"

24.01.2022

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі сёння стартавала акцыя "Бяспека - у кожны дом". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС.

"Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства. Статыстыка сведчыць, што больш за палавіну здарэнняў узнікае па віне людзей, якія не ведалі або безадказна паставіліся да выканання правіл пажарнай бяспекі. Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу жыхароў да гэтай тэмы, а таксама праблемы гібелі ў агні, з 24 студзеня па 11 лютага ў рэспубліцы пройдзе акцыя "Бяспека - у кожны дом", - расказалі ў прэс-службе.

Акцыя пройдзе ў тры этапы. На першым з іх - з 24 па 28 студзеня - у цэнтры ўвагі будуць асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны спосаб жыцця, а месцамі правядзення стануць аддзяленні дзённага знаходжання наркадыспансераў, апорныя пункты, а таксама цэнтры бяспекі. "Цвярозы погляд на бяспеку" - менавіта пад такім дэвізам аб'яднаюць свае намаганні ў прафілактыцы пажараў прапагандысты МНС, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, УУС, духавенства, БРСМ, БДПТ, ветэраны МНС і добраахвотнікі.

На другім этапе, які пройдзе з 31 студзеня па 9 лютага, увага арганізатараў акцыі перамесціцца на састарэлых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, жыхароў сельскіх населеных пунктаў, а таксама студэнтаў ВНУ, ліцэяў і каледжаў. Для мэтавай аўдыторыі залатога ўзросту запланавана мерапрыемства "Скарбонка бяспекі", якое пройдзе на базе сельскіх дамоў культуры. Будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, пройдуць гульні і квесты. Не пакінуць без увагі старэйшае пакаленне і ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання. Ратавальнікі падрыхтавалі нямала цікавых тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку інтэрактыўныя гульні "Поле цудаў з МНС", "Назаві цану", "Сакрэт бяспекі" і дыскатэка "Каму за...".

Для моладзі прапагандысты МНС таксама падрыхтуюць нямала цікавага. Студэнты і вучні выпускных класаў стануць удзельнікамі ток-шоу "Дыялог", у якім пастараюцца знайсці рашэнні існуючых праблем у галіне бяспекі жыццядзейнасці. Не абыдзецца без гульні "Дзе логіка?", у якой трэба звязаць з правіламі бяспечных паводзін зашыфраваныя на слайдах словы, і "Брэйн-рынг", дзе ўдзельнікі на працягу мінуты адкажуць на пытанні, якія датычацца правіл бяспекі. У гульні-конкурсе "Дэтэктыўнае агенцтва МНС" юнакі і дзяўчаты пройдуць шэраг заданняў, звязаных з пытаннямі бяспекі.

Маладых людзей чакаюць заняткі па прычынах узнікнення надзвычайных сітуацый "Формула бяспекі", дзе з названых у прэзентацыі прадметаў неабходна будзе скласці "Формулу бяспекі" і не дапусціць пажар у будынку. У "Музычнай бітве за бяспеку", па чарзе паслухаўшы фанаграмы вядомых песень, удзельнікам трэба будзе аб'яднаць іх назвы або радкі і вывесці пастулаты бяспекі.

Завяршальны трэці этап акцыі пройдзе з 10 па 11 лютага. Традыцыйна прапагандысты МНС разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей: гандлёвых цэнтрах, адкрытых пляцоўках, улічваючы выкананне эпідэміялагічных норм.

У час акцыі таксама будуць выкарыстаны і магчымасці работы ў анлайн-фармаце праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Заняткі, лекцыі праз інтэрнэт, адрасная рассылка буклетаў і карэспандэнцыі, тэлефонны ўзаемадзеянне ў фармаце "На сувязі ратавальнікі..." для людзей з абмежаваным кантактам і шмат іншага. Самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымаюць падарункі ад МНС, у ліку якіх - АПА.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)