• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

У Мінску адкрываюцца II Еўрапейскія гульні

21.06.2019
21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску сёння адкрываюцца II Еўрапейскія гульні. У маштабным спартыўным форуме прымуць удзел 4 тыс. атлетаў з 50 краін кантынента, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сталіца Беларусі раней ніколі не прымала такой значнай спартыўнай падзеі. За перапетыямі барацьбы на спартыўных пляцоўках будуць сачыць не толькі ў Еўропе, але і ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Спаборніцтвы па 15 відах спорту змогуць убачыць больш за 500 млн тэлегледачоў.
Яркай і маляўнічай абяцае стаць цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, якая пачнецца на стадыёне "Дынама" ў 20.00. Арганізатары не раскрываюць усіх дэталей гэтага шоу, але вядома, што запланавана некалькі мастацкіх блокаў. Кожны з іх прысвечаны якой-небудзь тэме: паданням і легендам, сярэдневяковаму мінуламу Беларусі, знакамітым пісьменнікам краіны.
Над правядзеннем цырымоніі працавала міжнародная рэжысёрская група. Яе ўдзельнікі змаглі шмат у чым арыгінальна паглядзець на гістарычныя падзеі ў сучасным стылі. Гледачы таксама пры дапамозе спецыяльнага дадатку Opening Ceremony AR Minsk 2019 могуць убачыць шоу з эфектамі дапоўненай рэальнасці.
На галоўнай арэне маштабнага культурна-спартыўнага шоу выступяць сусветна вядомая оперная спявачка Ганна Нятрэбка і папулярны спявак Дзімаш Кудайберген з Казахстана.
Адной з галоўных падзей цырымоніі стане запальванне агню II Еўрапейскіх гульняў. Эстафета "Полымя міру" стартавала 3 мая ў Рыме і за 50 дзён пераадолела больш за 7 тыс. км. Факель гульняў на шляху ў Мінск быў падняты на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. "Полымя міру" сустракалі ў Славеніі, Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Польшчы. У Беларусі агонь пабываў у Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.
Для Беларусі II Еўрапейскія гульні - значная не толькі спартыўная, але і культурная падзея. Выставы вядомых беларускіх мастакоў, музычныя шоу, паказальныя выступленні ў Верхнім горадзе - усё гэта змогуць убачыць удзельнікі і балельшчыкі форуму. Запланавана больш за 50 культурных мерапрыемстваў, прысвечаных гульням. Арганізатары пастараліся за 2,5 года зрабіць усё, каб госці і жыхары беларускай сталіцы ў наступныя дзесяць спаборніцкіх дзён змаглі атрымаць яркія і незабыўныя эмоцыі.-0-