• Городская площадьГородская площадь
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • Гостиница ПрипятьГостиница Припять
Главная -  Новости -  Новости района

Гэта памяць будзе жыць

20.03.2018

22 сакавіка споўніцца 75 гадоў з дня страшнай хатынскай трагедыі, дзе ў вогненных пакутах пайшлі з жыцця 149 чалавек. А ў наступны чацвер, 29 сакавіка, 76-годдзе жудаснай трагедыі ў Хвойні нашага раёна.

Вялікая вёска на 350 двароў знікла ў лічаныя гадзіны. А з ёй і 3078 яе жыхароў: старых, жанчын, большасць – дзяцей.

Гэта была не адзіная вёска нашага раёна, якую напаткаў страшны лёс. Перад гэтым былі Вялікія Сялюцічы з 387 ахвярамі, Людзвіноў з 125, пасля – Беразнякі і 168 згарэлых жыццяў. У спісах спаленых, поўнасцю і часткова, з жыхарамі і без, у нашым раёне лічацца 60 вёсак і Капаткевічы. Усе яны пасля вайны ўзрадзіліся, хаця некаторыя, як Хвойня, ніколі не сталі такімі ж вялікімі і шматлюднымі. Вялікі трохтысячны пакутніцкі боль не даў адрадзіцца тут жыццю.

Балючая памяць-рана пра тыя зверствы дасюль не зажывае і аддаецца болем, калі ў суседніх краінах успыхваюць ваенныя канфлікты ці пагражальныя палітычныя� баталіі. З засакрэчаных архіваў здымаюцца грыфы і ўсплываюць новыя жудасныя факты карных аперацый па знішчэнні, як цяпер падлічана, больш 9 тысяч беларускіх вёсак.

Сёння вядомы імёны кожнага з карнікаў, што прыклалі руку да знішчэння Хатыні. Амаль усе з іх паспелі панесці заслужанае пакаранне. Узноўлена храналогія тых падзей, склад карных рот, дзве з якіх былі інтэрнацыянальнымі: украінцы, літоўцы, татары, цыгане… Ды ці важна цяпер, якой нацыянальнасці нарадзіла іх маці. Важна, што яны былі датычныя да пакутніцкай смерці дзяцей і жанчын, яны сталі забойцамі. А ці ёсць нацыянальнасць у забойцаў?

Тэрыторыя Беларусі, згодна з планамі Вермахта, прызначалася для рассялення прывілеяваных нямецкіх сем’яў. А мясцовае насельніцтва павінна было знікнуць, раней ці пазней, зусім ці часткова. І ўся нямецкая армія, да якіх падраздзяленняў бы яе не адносілі, выконвала адну задачу – ачышчэнне тэрыторый ад нас, працавітых, памяркоўных, адданых душою свайму кавалку зямлі людзей.

Гартаючы старонкі кнігі “Памяць. Петрыкаўскі раён”, з кожным разам адкрываю для сябе нешта новае. Чарговае імя ў спісах загінулых мірных жыхароў, а пералік іх працягваецца на 51 старонку, электрычным разрадам аддае ў грудзях і галаве. “Вёска Фаставічы. Куратава Настасся Мітрафанаўна з дочкамі Мальвінай, Аленай, Тамарай і Валянцінай. Перапеча Аляксандр з пяццю дзецьмі. Разам з сям’ёй Перапеча спалены сямёра чужых дзяцей”. “Вёска Бабунічы. Цімашэня Ганна Іванаўна разам з дочкамі Валяй, Галяй, Марыяй і Нінай ва ўзросце ад трох да дзевяці гадоў спалены ў 1943 г.” У Хвойні пад попелам трох згарэлых будынкаў, якія сталі магіламі, пахаваны 166 Ходзькаў і 147 Харамецкіх. Знішчаліся цэлымі родамі.

Капцэвічы: у спісе загінулых прозвішча Зарэцкіх сустракаецца адзінаццаць разоў. Сярод іх Бася 1940 года нараджэння, Эця – 1937, Генах – 1936, Ілья – 1938, Рыгор – 1934, Уладзімір – 1939, Шэндар – 1934. Гэта ўжо было “канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання”, так “гуманна” хавалася слова “генацыд”.

У Навасёлках былі спалены дзве сям’і: Губіч Брайны і Пінскага Сімана з дзецьмі� – усяго сем чалавек, яўрэяў. У Чалюшчавічах “Журавель Еўмель разам з жонкай і чатырма дзецьмі спалены 22 чэрвеня 1942 года, Журавель Цодзік, яго жонка і дзеці Борух, Гірш, Любоў і Малка…”

Белы Пераезд, Камаровічы, Івашкавічы, Брады, Багрымавічы, Хуснае, Пціч, Старыя Галоўчыцы, Клясаў… Сюды вярталіся салдаты-пераможцы, каб сабраць на папялішчах попел любых жонак, матуль, дзяцей. Каб высыпаць сваю душу такім жа попелам на іх пустыя магілы. Каб жыць з гэтым, будаваць наноў вёскі, краіну і памятаць, памятаць, памятаць…

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.