• Гостиница ПрипятьГостиница Припять
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
  • Городская площадьГородская площадь
Главная -  Новости -  Новости района

Крок за крокам, аб’ект за аб’ектам

30.07.2018

На прамысловай пляцоўцы будоўлі Петрыкаўскага горнаабагачальнага комплексу планава вядуцца работы па будаўніцтве аб’ектаў 1-3 чэргаў. Частка аб’ектаў ужо здадзена ў эксплуатацыю, выкананне іншых складае 50-90 працэнтаў. Пра гэта піша ведамасная газета беларускіх шахцёраў “Калійшчык Салігорска”.

Выканаўца абавязкаў дырэктара дырэкцыі будоўлі ГАК Ігар Андрасюк паведаміў, што работы па ўзвядзенні падземнага комплексу вядуцца згодна з графікамі. Ствол № 1 пройдзены да адзнакі каля 527 метраў з 801,44 метра па праекце, праходка другога ствала складае 524 метры пры праектнай глыбіні – 725,95 метра.

Свае карэктывы ў ход будоўлі, найперш на аб’ектах паверхневага комплексу, уносіць надвор’е, і тым не менш падрадныя арганізацыі імкнуцца асноўны аб’ём будаўніча-мантажных работ выканаць у спрыяльныя тэрміны.

Начальнік тэхаддзела дырэкцыі будоўлі Андрэй Фядковіч расказаў, што будаўніцтва асноўных аб’ектаў рудніка выканана больш як напалову. Узведзены два памяшканні пад’ёмных машын скіпавага ствала, дзе ўжо вядуцца аддзелачныя работы і мантаж інжынерных сістэм і абсталявання пад’ёмных машын. Практычна на такой жа стадыі будаўніцтва, каля 80 % гатоўнасці, і памяшканні пад’ёмных машын клецевага ствала. Тут выкананы работы па ўстройстве каркаса будынка і сценавай агароджы, усталёўваецца дах, ажыццяўляецца мантаж унутраных сетак і абсталявання.

Побач узводзіцца цэх драбнення.

Усе работы на аб’ектах комплексу рудніка вядзе генпадрадчык – ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”. Больш чым напалову выкананы работы па будаўніцтве солеадвалу і расоласховішча, набліжаюцца да завяршэння работы па паглыбленні вадасховішча тэхнічнай вады.

Два склады руды ўмоўна падзяляюць тэрыторыі аб’ектаў рудніка і абагачальнай фабрыкі. Брыгады УСП “Трэст “Раммантажбуд” вядуць будоўлю перагрузачных вузлоў і галерэй канвеернага тракту, які служыць для транспарціроўкі руды і гатовай прадукцыі ад ствала да абагачальнай фабрыкі і далей да цэха пагрузкі, солеадвалу, а таксама будаўніцтва складоў руды і гатовай прадукцыі.

Работы на абодвух складах руды на стадыі завяршэння. Узводзяцца два склады гатовай прадукцыі. Дарэчы, яшчэ два – у планах наступнага года.

Будаўніцтва аб’ектаў будучай абагачальнай фабрыкі даручана ТАА “Пасат”. Работнікі арганізацыі вядуць зараз работы па мантажы металаканструкцый будынка флатацыйнай абагачальнай фабрыкі, выкананы падмуркі пад млыны. Да пачатку зімы плануецца закрыць контур будынка АБК фабрыкі і выканаць аддзелачныя работы.

Амаль поўнасцю завершаны будынак АБК рудніка і рудакіраўніцтва. Тут ужо вядзецца ўнутраная аддзелка, мантаж інжынерных сетак і абсталявання, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Пачаты работы па ўзвядзенні электрападстанцыі, здаць якую плануецца ў наступным годзе.

Па матэрыялах газеты
“Калійшчык Салігорска”, фота “КС”.