• РайисполкомРайисполком
  • Площадь городаПлощадь города
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
Главная -  Новости -  Новости района

Пра вынікі года распавядаюць кіраўнікі розных структур раёна

03.01.2019

Па шматгадовай навагодняй традыцыі мы звярнуліся да кіраўнікоў розных структур раёна, каб даведацца, якім для іх быў год, што стаў гісторыяй, і чаго яны чакаюць ў новым 2019.

Іван ВЕКА, дырэктарфіліяла Петрыкаўскага ДРБУ № 12 “Гомельаўтадарбуд”:
– Мы ў мінулым годзе выканалі ўсе даведзеныя паказчыкі і асвоілі фінансаванне. Многа працавалі і за межамі раёна: У Брагіне, Камарыне, Добрушскім раёне, рабілі вуліцу Фядзюнінскага ў Гомелі.
Але многае зроблена і ў раёне. Праведзены капітальны рамонт дарогі на мяжы Мінскай вобласці каля Фаставічаў, выкананы 126 тысяч квадратных метраў паверхневага рамонту і 25 тысяч рамонту асфальтабетонам. Дарожная разметка нанесена на 176 кіламетрах пакрыцця. Пра аб’ёмы нашай працы красамоўна гавораць лічбы выпуску асфальтабетону. Лічыце самі: 2016 год – 12 тысяч тон, 2017 год – 24 тысячы, а ў 2018 – 33,8 тысячы тон. Практычна ўсё гэта легла на дарогі нашага раёна.
Работы было многа, а калі ёсць работа – ёсць і зарплата. Колькасць працаўнікоў прадпрыемства не скарацілася, а зарплата павялічылася на трэць і складае сёння 930 рублёў.
Галоўнае прадпрыемства “Гомельаўтадарбуд” выйграла тэндары на рамонт вуліц нашага горада – Камунальнай, Ленінскай, Першамайскай, Гогаля, Карла Маркса, Гагарына, плошчы і парка. Частка гэтых работ прыйдзецца і на наш філіял. Але ж мы плануем не абмяжоўвацца вялікімі будоўлямі. Пойдзем і на малыя вуліцы, будзем займацца добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый.
У самы бліжэйшы час пачнем работы па Муляраўскай і прылягаючых да яе новых вуліц.
Святы – час мар і пажаданняў. Сярод задуманых і здзейсненых мар няхай будуць цуды. А пажадаю ўсім моцнага здароўя. За ім следам прыйдуць і поспехі, і дасягненні, і радасць, і дабрабыт.

Галіна СУХОЦКАЯ, дырэктарраённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
– Мінулы год, як і кожны, не даваў стаяць нам на месцы. Цяпер мы змаглі развіць у нашым раёне новыя формы сацыяльнага абслугоўвання: у нас з’явіліся дзве замяшчальныя сям’і і двойчы запатрабаванымі сталі паслугі сядзелкі. Плануем, што ў хуткім часе гэтыя паслугі стануць больш запатрабаванымі. Бо яны намнога спадручней і якасней, чым, напрыклад, атрыманне дапамогі па доглядзе. У замяшчальнай сям’і састарэламу чалавеку больш камфортна, а тыя, с кім ён пражывае, заўсёды побач.
У наступным годзе плануецца фінансаванне для паляпшэння ўмоў працы нашых супрацоўнікаў.
Важна, што новы год мы пачынаем са значнай для нас падзеі – 100-годдзя сацыяльнай службы. Гэта час падвядзення вынікаў, асэнсавання і вызначэння новых гарызонтаў. Нашы перспектывы цікавыя і стабільныя. Калектыў наш прафесійны і адданы сваёй справе. Таму ўсё намечанае нам па плячы.
Жадаю, каб новы год прынёс усім людзям многа дабрыні, адчуванне шчырага клопату, поспехаў жыццёвых і творчых. Няхай у дамах будзе цяпло і мір.

Сяргей ТАЛЕЦКІ, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
– Стары год прынёс нам усведамленне, што зроблена не ўсё, да чаго імкнуліся. Але ведаем, што мы на правільным шляху і кожны год – крок да пэўных вынікаў і дасягненняў.
У 2018 годзе мы атрымалі ўзнагароду за перамогу ў абласным спаборніцтве. Наш калектыў і ў раёне быў прызнаны ў ліку лепшых, таму і занесены на Дошку гонару.
У новым годзе не знізім планку і будзем рухацца толькі наперад.
Перад усімі нагляднымі органамі Петрыкаўшчыны цяпер пастаўлена важная задача па добраўпарадкаванні нашага раёна. І нам нельга застацца ў баку ад гэтай вялікай справы. Праца мае быць напружаная.
Як жыхару горада, мне не абыякава, якім будзе наш горад і раён увогуле. Я і кожны супрацоўнік цэнтра зробім усё магчымае, каб пакласці сваю цагліну ў будаўніцтва гэтага добраўпарадкавання. Ёсць пэўныя планы і для надання новага выгляду нашым будынкам.
Спецыфіка нашай працы такая, што найперш жадаем ўсім здароўя. Няхай наступны год прынясе нам дабрабыт, спакой і мір.

Сяргей КЕБЕЦ, начальнік Петрыкаўскага ўчастка электрасувязі:
– Год мінулы быў цікавым і насычаным. У нас адбылася аптымізацыя, але значна пашырыўся спектр паслуг. Нават цяпер, меншым саставам, мы паспяхова спраўляемся.
Закончылі пракладку валаконнай аптычнай лініі сувязі ва ўсіх шматпавярховых дамах Петрыкава і Капаткевічаў. Гэтым пашырылі магчымасці нашых карыстальнікаў – ад тэлефона да відэакантроля і функцыі “Разумны дом”.
Калі падрабязней пра відэакантроль, то мы ўстанаўліваем камеры відэаназірання ў пад’ездах і на прыдамавой тэрыторыі, а інфармацыю кожны карыстальнік праз свой пароль-логін атрымлівае на смартфон.
Больш ста аб’ектаў падключаны да паслугі “Разумны дом”. У большасці ёю карыстаюцца для аховы дробных прадпрыемстваў гандлю. Плануем, што ў хуткім часе гэтай функцыяй будуць больш карыстацца для кантролю за дачамі і прыватнымі сядзібамі. Галоўнае, каб там быў інтэрнэт. З датчыкаў руху, дыму, адкрывання дзвярэй інфармацыя прыходзіць прама на смартфон – спадручна і надзейна.
У новабудоўлях мы пракладваем оптавалаконную сістэму, да якой нават падключана сетка дамафонаў. Цяпер дамашні тэлефон будзе выконваць і функцыю дамафона.
У 2019 годзе закончылі забеспячэнне ўсіх населеных пунктаў раёна сеткай інтэрнэт-сувязі. Апошнімі былі Турок і Снядзін. У зарэчнай зоне работы будуць закончаны, калі зноў пойдзе паром.

У новым годзе з оптавалаконнай сувяззю пойдзем на прадпрыемствы і ў прыватны сектар горада. А праз год – у сельскую мясцовасць. Нават цяжка сёння прадбачыць, якія магчымасці дасць людзям Белтэлеком праз паўгода, год. Мы рухаемся хутка і заклікаем ўсіх ісці з намі ў нагу.
Калі чалавек паспяховы і шчаслівы, то і яго здароўе ў норме. Таму жадаем усім удачы, шчасця, дабрабыту, задавальнення і здароўя.
З Новым годам!

Святлана СЕНЬКА, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
– Мінулы год быў насычаным на перамогі і дасягненні. Гонарам было для нашых устаноў адукацыі летам прымаць дэлегацыю прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. Дэманстравалі ў тым ліку арганізацыю летняй занятасці. Дарэчы ў гэтым у нас ёсць сур’ёзны рух наперад. З кожным годам усё больш навучэнцаў працуюць у лагерах працы і адпачынку, наведваюць спартыўныя лагеры.
Мы значна павысілі якасць падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд. У 2018 годзе на абласным этапе алімпіяд мелі 14 узнагарод, а на рэспубліканскім – 2. За падрыхтоўку рэспубліканскіх дыпламантаў настаўнік гімназіі Пётр Стральчэня быў узнагароджаны граматай Прэм’ер-міністра рэспублікі.
Вялікім дасягненнем мінулага года лічым значнае павелічэнне перамог у конкурсах па навучальных прадметах. Цяпер па гэтым паказчыку мы дзявятыя ў вобласці . І сёмыя – у творчых перамогах.
Мы павялічылі колькасць раённых спартыўных мерапрыемстваў для школьнікаў. Аб’ядналі ў адну спартакіяды працаўнікоў прадпрыемстваў і сельскіх Саветаў. Такая мера дапаможа аб’яднаць розныя калектывы ў канкрэтных населеных пунктах і прыцягнуць нашых людзей да здаровага ладу жыцця.
У новым годзе плануем запрасіць да сябе маладых трэнераў для пашырэння відаў спартыўнай дзейнасці дзяцей і моладзі. Для павелічэння попыту на паслугі нашых аграсядзіб цяпер на сайце аддзела прапануем інфармацыю пра іх нават на кітайскай мове.
Вынікі нашай дзейнасці мы падводзім па заканчэнні навучальнага года. Пакуль з упэўненасцю магу сказаць, што запланаваныя паказчыкі па аказанні паслуг і заработнай плаце мы нават зможам перавысіць.
Усе нашы дасягненні – цяжкая, штодзённая і напружаная праца кожнага педагога, сістэмнае іх супрацоўніцтва з установамі дадатковай адукацыі, раённым вучэбна-метадычным кабінетам і аддзелам уласна. За гэта ім шчыры дзякуй.
У наступным годзе жадаю ўсім педагогам Петрыкаўшчыны ўзаемаразумення, вучняў, якія імкнуцца да ведаў, памнажэння перамог, стабільнасці і радасці.

Мікалай СЕМЯНІЦКІ, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама:
– Замацаванне на ранейшых пазіцыях, як гэта адбылося з нашай праваахоўнай структурай у 2018 годзе, – ужо станоўчы вынік, асабліва з улікам таго, што горад прырастае. Наш калектыў застаўся стабільным, што ў цяперашніх умовах таксама добра.
Цяпер хочацца, каб усе святочныя дні прайшлі без непрыемнасцяў для жыхароў нашага раёна, а для нас – без трывожных выклікаў. І каб тое было магчымым, увесь асабісты састаў задзейнічаны на ахове правапарадку ў святочныя дні.
У новым годзе мы чакаем вялікае будаўніцтва горада. Таму нашы супрацоўнікі гатовы забяспечваць захаванасць дзяржаўнай маёмасці. Сутыкнёмся і з новай хваляй будаўнікоў, якіх давядзецца заклікаць да дысцыпліны.
Мы прымем самы актыўны ўдзел у навядзенні парадку ў горадзе і іншых населеных пунктах. У межах сваёй кампетэнцыі будзем працаваць з насельніцтвам, заклікаць да добраўпарадкавання тэрыторый і выканання правілаў санітарыі.
Таксама плануюцца некаторыя змяненні каля самога будынку міліцыі. Выразаныя дрэвы адновім маладымі, якія не будуць псаваць асфальтнае пакрыццё.
Ад усяго асабістага саставу жадаю ўсім петрыкаўчанам, іх родным і блізкім моцнага здароўя. А нашаму раёну – працвітання.