• РайисполкомРайисполком
  • Улицы городаУлицы города
  • Улицы городаУлицы города
  • Площадь городаПлощадь города
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
Главная -  Новости -  Новости района

ЗАХОЎВАЕМ І АДРАДЖАЕМ НАРОДНЫЯ ПРОМЫСЛЫ. У пачатку лістапада Петрыкаўскі Дом рамёстваў адзначыў 20-годдзе

22.11.2018

Развіццё народнай творчасці, падтрымка талентаў, захаванне і перадача вопыту і традыцый – без гэтага Петрыкаўскі Дом рамёстваў уявіць сябе не можа. Калектыў установы ўдзельнічае у шматлікіх конкурсах, фестывалях, форумах, спаборніцтвах на працягу ўсяго існавання. Майстры-метадысты працуюць па некалькіх напрамках – саломапляценне, разьба па дрэве, выраб лялек у народным стылі, жывапіс, лазапляценне, вышыўка і ткацтва. З нагоды юбілею мы сустрэліся з прадстаўнікамі гэтых творчых спецыяльнасцяў, каб даведацца больш пра іх захапленні, мары і амбіцыі.

За 20 гадоў Дом рамёстваў прымаў удзел у самых значных мерапрыемствах раёна, вобласці і рэспублікі, – пачаў гутарку дырэктар установы Аляксандр Кудравец. – “Вясновы букет”, “Сяброўства народаў: Расія, Украіна, Беларусь”, наведвалі “Славянскі Базар” у Віцебску, а таксама “Берагіню”, “Сожскі гарагод”, “Грай, гармонік”, заявілі пра сябе на рэспубліканскіх і абласных “Дажынках”, якія праходзілі на Гомельшчыне. Зразумела, пастаянна ўдзельнічаем у фестывалі “Покліч Палесся” ў Ляскавічах.

У верасні праводзілі сацыяльнае апытанне сярод навучэнцаў. І, што цікава: у большасці нашы гурткі наведваюць тыя, у каго дома няма камп’ютара. 32 дзіцяці, што асвойваюць розныя тэхнікі, – гэта самыя стойкія і працавітыя. Асабліва гарачы перыяд перад новым годам і Днём жанчын, калі трэба падрыхтаваць падарункі. Прыходзяць і дарослыя, звычайна ў час адпачынку, каб зрабіць штосьці з дрэва.

Актуальная праблема для нас – адсутнасць асаблівай залы для выставы. Вырабаў шмат, у нашых памяшканнях не хапае для ўсяго месца.

ЛЯЛЬКІ�З ВЫШЫВАНКАЙ

Ганна Туравец, майстар-метадыст па выцінанцы, скончыла Вышэйшае прафесійна-дэкаратыўнае вучылішча па спецыяльнасці “Мастак-афарміцель. Дэкаратар-вітражыст”.

– З дзяцінства малявала, удзельнічала ў конкурсах, зараз дапамагаю сваім дзецям Даніілу і Сафіі, якія вучацца ў гімназіі, – расказала Ганна Валянцінаўна. – Рыхтуемся да конкурсаў “Кожны нясе свой крыж” і “Калядная зорка”. Акрамя выцінанкі, вырабляю лялькі. Штосьці падглядваю ў інтэрнэце, з іншых крыніц.

ПРЫРОДА�АДЛЮСТРАВАНА Ў ДРЭВЕ

Майстар разьбы па дрэве Аляксей Батан залічаны ў Саюз майстроў Рэспублікі Беларусь. Тыя, хто ведаюць гэтага чалавека, скажуць: даўно пара! Пакой, у якім працуе Аляксей, упрыгожаны яго працамі і вучняў. Дзе-нідзе яшчэ не прыбрана пілаванне – работа тут кіпіць пастаянна. Зараз вось ідзе падрыхтоўка да наступнага фестывалю.

Аляксей па натуры вельмі сціплы чалавек, пра свае дасягненні распавядаць не любіць, але мы дакладна ведаем, што за шырокімі плячыма творцы – цэлае жыццё практыкі з дрэвам. Ад заказаў няма адбою.

– Любімая тэма для вырабу – прырода, – паведаміў Аляксей. – Алені, казулі, ваўкі, лясныя птушкі – галоўныя героі карцін. Зараз рыхтуем з калегамі вялікую цялегу, лыжку і плюшку на наступны конкурс, але падрабязнасці будуць крыху пазней. Праца мне падабаецца тым, што прымушае ўвесь час крэатыўна працаваць мозг.

САЛОМКА –САМЫ ТРЫВАЛЫ МАТЭРЫЯЛ

Гісторыя такога рамяства, як пляценне з саломкі, налічвае не адно стагоддзе. Саломка – гэта адзін з самых трывалых матэрыялаў. З яе можна рабіць усё што заўгодна: упрыгожваць куфары, шкатулкі, вырабляць лялек, жывёл, ствараць неверагодныя па кампазіцыі сюжэты з казачнымі героямі. Менавіта такім цікавым і даволі складаным відам творчасці, які патрабуе шмат цярпення і ўседлівасці, займаецца Валянціна Фалеева.

– Я памятаю, як бабуля паказвала мне тэхніку працы з саломкай, – падзялілася Валянціна Леанідаўна. – Творчасцю займаюся, колькі сябе памятаю. З дзяцінства малявала, а потым і спецыяльнасць выбрала суадносную.

Жанчына нарадзілася ў Курыцічах, скончыла Кобрынскае мастацкае вучылішча.Працуе 20 гадоў з таго моманту, як Дом рамёстваў атрымаў сваё памяшканне. 7 гадоў працавала мастаком-афарміцелем.

– Раней у нас быў свой пакой у Доме культуры. Сучаснае памяшканне – гэта былы клуб цагельнага завода.

Далей Валянціна Леанідаўна правяла невялікую экскурсію. Некаторыя сцены Дома рамёстваў упрыгожаны карцінамі з працамі нашай мастачкі. Гэта паўлін з саломкі, шкатулкі, куфэркі, капялюшыкі розных стыляў і памераў.

– Адкуль бяром саломку? Самі ў агародзе вырошчваем, па тэхналогіі. Пасля апрацоўваем. Любы твор, што вы бачыце, зрабіць – усё роўна як вынасіць дзіця. Ідэя нараджаецца ў галаве, потым з ёй трэба доўгі час пасядзець, падумаць, у выніку – нарадзіць. Любы прадмет можа быць зроблены як за тыдзень, так і за некалькі месяцаў. Пляценне з саломкі не мае межаў. Таксама мяне натхняюць лялькі. У адрозненне ад калегі мае “дзяўчаткі” маюць іншы стыль.

Свае працы выстаўляем на продаж на фестывалях, што дапамагае набываць новыя матэрыялы.

ТВОРЧАСЦЬ. ТЭХНІКА.�ЭКСПЕРЫМЕНТ

15 гадоў таму Надзея Жукавец пакінула цагельны завод, дзе спачатку была загадчыцай клуба, а пасля загадвала складам.

– Па адукацыі я бібліятэкар, – расказала жанчына. – Нарадзілася ў Пцічы. Па размеркавані мужа, ён міліцыянер, трапіла ў Петрыкаў. Па спецыяльнасці працы тады не было, таму пайшла раздатчыцай у інфекцыйнае аддзяленне. Пасля ўзначальвала Дом культуры.

У Доме рамёстваў з 2003 года, сваім настаўнікам і творчым натхняльнікам лічу Валянціну Фалееву, якая раскрыла таямніцы пляцення з саломкі. Мы разам займаемся рознымі тэхнікамі, шмат эксперыментуем.

Жыццё вельмі цікавае. Ведаеце, я ж хацела прысвяціць сябе медыцыне. На біблятэкара вучылася пасля ўжо, а першапачаткова з чырвоным дыпломам скончыла Прыбарскае СПТВ. Лёс склаўся інакш.

У мяне зараз тры ўнукі, старэйшага падцягваю сюды. Паўлуша тут ужо свой.

Любым рамяством пры жаданні можа авалодаць кожны. Галоўнае, не спяшацца і запасціся цярпеннем.

АСНОЎНЫЯ ІНСТРУМЕНТЫ – ПЭНДЗЛІК І ФАРБЫ

Яшчэ адна асоба, без якой Дом рамёстваў сябе не ўяўляе, – гэта Дзмітрый Струк – правая рука на ўсе выпадкі. Пачаў маляваць у школе ў старэйшых класах, скончыў каледж мастацтваў у Гомелі. Пасля размеркавання прыехаў у Петрыкаў – так і працуе па сёння. Свет захапленняў – роспіс па дрэве, жывапіс, малюнак. Ювелірна выразаны яблык з чарвяком – з дрэва, калекцыя нацюрмортаў – сапраўныя шэдэўры, створаныя алеем на палатне. Дзмітрый дапамагаў размалёўваць некаторыя аб’екты ў горадзе – невялікую хатку на дзіцячай пляцоўцы, упрыгожваў сцены краязнаўчага музея.

– Так цудоўна, калі абраная спецыяльнасць цалкам супадае з унутраннымі пачуццямі, – падзяліўся Дзмітрый.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ