Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Петрыкаўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
19 красавіка 2022

Дэкада сучаснай беларускай літаратуры стартуе ў Гомельскай вобласці


19 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Дэкада сучаснай беларускай літаратуры "Пра нас і мастацкае слова" стартуе ў Гомельскай вобласці 19 красавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Уладзімір Гаўрыловіч. 

Літаратурная падзея пачне свой шлях з Добруша, які ў гэтым годзе стане сталіцай Дня беларускага пісьменства, расказаў Уладзімір Гаўрыловіч. "Тут адбудзецца першая сумесная сустрэча кіраўніцтва абласной пісьменніцкай супольнасці і абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна з работнікамі бібліятэчных устаноў і культуры, членамі літаб'яднання "Натхненне", чытачамі райцэнтра. Мы не толькі перададзім цэнтральнай раённай бібліятэцы першую частку новых кніг, якія сабраны на міжнароднай акцыі "Кніга ў дар ад шчырага сэрца", але і пагаворым аб значэнні мастацкага слова, яго выхаваўчым патэнцыяле ў цяперашні, вельмі няпросты ва ўсіх адносінах час. Абмяркуем і тое, як разам прадставім мастацкае слова Гомельскай вобласці на свяце беларускага пісьменства восенню", - падкрэсліў старшыня рэгіянальнага аддзялення саюза. 

Штодзённа з 19 па 29 красавіка арганізатары абяцаюць некалькі акцый і творчых сустрэч чытачоў з гомельскімі пісьменнікамі. У нейкай ступені гэта будуць урокі патрыятызму, звярнуў увагу Уладзімір Гаўрыловіч. Напрыклад, актывісты пісьменніцкай арганізацыі сустрэнуцца з юнымі і дарослымі чытачамі ў нядаўна ўзведзенай сярэдняй школе нумар 74 Гомеля, абласным ліцэі, установах прафтэхадукацыі і ВНУ вобласці. 

У час дэкады стартуе і першы міжнародны конкурс паэтычных перакладаў "Сожскія берагі дружбы". Ён прысвечаны 140-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа і 130-годдзю Марыны Цвятаевай. Вынікі конкурсу падвядуць у верасні на міжнародным фестывалі "Славянскія літаратурныя дажынкі - 2022". Паводле слоў арганізатараў, удзельнікамі конкурсу стануць аўтары-пачаткоўцы ад 18 гадоў з Гомеля і Бранска, а таксама 100 маладых аўтараў - удзельнікаў міжнароднага праекта "Берагі дружбы" (Растоўская вобласць, Расія). 

"Усе аматары мастацкай творчасці, члены самадзейных аб'яднанняў рэгіёна з 19 па 29 красавіка могуць прысылаць на паштовую скрыню konkurs.gomel.by@yandex.by свае літаратурныя пробы, задаваць пытанні, якія датычацца стварэння якасных мастацкіх твораў. І абавязкова атрымаюць кансультацыі прафесіяналаў Міхаіла Болсуна, Тамары Кручэнка, Ліліі Вялічка, Вольгі Раўчанка, Валянціны Кадзетавай, Ізяслава Катлярова, Соф'і Шах, Ніны Шкляравай і іншых пісьменнікаў", - адзначыў старшыня. 

Завершыцца дэкада сучаснай беларускай літаратуры ў Гомельскай вобласці вызначэннем пераможцаў 16-га рэгіянальнага чытацкага конкурсу "Захаваем свет разам", прысвечанага юбілеям Купалы і Коласа. Уладзімір Гаўрыловіч удакладніў, што сёлета ў школьным і раённым этапах прынялі ўдзел больш за 1,2 тыс. вучняў агульнаадукацыйных школ. 60 з іх выйшлі ў фінал. 

Дэкада сучаснай беларускай літаратуры праводзіцца пры падтрымцы сістэмы адукацыі і культуры вобласці і прысвечана Году гістарычнай памяці і 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама Дню беларускага пісьменства, які пройдзе ў Добрушы.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса навін