Добраўпарадкаванне пачнецца з першымі праталінамі
Дадатковая сустрэча кіраўніцтва раёна з насельніцтвам, якую правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч, адбылася ў Макарыцкім садзе-школе.
Адыходзячы ад звычайнага
пратаколу правядзення такіх мерапрыемстваў, найперш Сяргей Макарэвіч задаў
шэраг пытанняў адміністрацыі і калектыву сада-школы. Узгадаўшы праблемы, якія
раней агучваліся ў час сустрэч, ён цікавіўся захаваннем тэмпературнага рэжыму ў
памяшканнях установы адукацыі, выкананнем натуральных нормаў пры арганізацыі
харчавання дзяцей, укамплектаваннем класаў камп’ютарнай тэхнікай. Дырэктар
сада-школы Алена Вяргей паведаміла, што на цяперашні час усе пытанні вырашаны
станоўча. Таксама адзначыла, што 2018 год закрыты па бацькоўскай аплаце за сад
без запазычанасці. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
Святлана Сенька, якая таксама прысутнічала на сустрэчы, паведаміла, што такой
запазычанасці няма ўвогуле па раёне ні ў адной установе адукацыі. Дадала, што
цяпер ёсць магчымасць аплаты такой паслугі праз АРІП у любы час з любога месца,
што намнога спрасціла сітуацыю.
Алена Вяргей па даручэнні калектыва агучыла
просьбу насельніцтва. Яна тычыцца руху цяжкай тэхнікі УП “Палессе-Аграінвест”
па вуліцы Школьнай, па якой ідуць дзеці ў школу і сад і іншыя жыхары вёскі ў
ФАП. З-за адсутнасці асфальтавага пакрыцця ў асенні і вясенні перыяд дарога
пашкоджваецца тэхнікай і ёсць пэўная небяспека для дзяцей з-за адсутнасці
асобнай сцежкі для пешаходаў. Да аб’ектаў сельгаспрадпрыемства ёсць іншы
пад’яздны шлях. І Алена Вяргей прасіла садзеяння райсавета ў вырашэнні гэтага
пытання сумесна з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства.
Потым размова была скіравана да асноўнай тэмы
сустрэчы – добраўпарадкавання населеных пунктаў. Сяргей Макарэвіч пацікавіўся ў
старшыні сельскага Савета Віталя Пілера пра ўдзел школы ў зборы сродкаў
самаабкладання і прапанаваў педагогам актыўна заклікаць да гэтага іншых жыхароў
вёскі, а таксама да добраўпарадкавання населенага пункта самастойна і ў час
суботнікаў. З улікам таго, што тры чвэрці педагогаў школы – жыхары Петрыкава,
Сяргей Макарэвіч абазначыў асноўныя аб’екты ў горадзе, якія ў хуткім часе
чакаюць кардынальныя змены. Звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў сустрэчы, ён прапанаваў
больш пільна аднесціся да знешняга выгляду ўласных сядзіб, каб фасады дамоў,
агароджа і палісаднікі сталі ўпрыгожаннем населеных пунктаў.