Больш за 200 юнакоў і дзяўчат, прадстаўнікі розных сфер дзейнасці і розных рэгіёнаў краіны, збяруцца разам, каб абмеркаваць надзённыя пытанні і пазнаёміцца з кутком Прыпяцкага Палесся - Петрыкаўшчынай і непасрэдна ДПУ"Нацыянальны парк "Прыпяцкі".
Ганаровыя госці форуму на чале з кіраўніком спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрыем Назаравым пазнаёміліся з экспанатамі выставы моладзевых ініцыятыў членаў ГА 'БРСМ" Гомельскай вобласці.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў Форуму Юрый Назараў адзначыў, што ў краіне пры вызначэнні агульнанацыянальных прыярытэтаў развіцця дзяржавы абавязкова ўлічваюцца інтарэсы моладзі як найбольш актыўнай часткі грамадства. У рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ўцягнутыя ўсе без выключэння дзяржаўныя органы і грамадскія аб'яднанні.
- У нашай краіне выбудавана дакладная сістэма сацыяльна - эканамічных, грамадска - палітычных і іншых напрамкаў, накіраваных на падтрымку маладых людзей, - падкрэсліў кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Юрый Назараў таксама звярнуў увагу і на тое, што моладзі неабходна рэалізоўваць сябе не толькі ў прафесіі, але і ў грамадскім жыцці, у спорце, у творчасці.