Упраўляючы справамі Прэзідэнта Юрый Назараў, прымаючы ўдзел у выніковым студзеньскім пасяджэнні выканкама, уручыў Прэмію Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Ганне Ганчар.
Нагодай для атрымання такой высокай узнагароды сталі шматлікія вучэбныя поспехі нашай адоранай зямлячкі ў час яе навучання ў гарадской гімназіі. Нагадаем, школьныя гады Ганны адзначаны перамогамі на самым знакавым школьным турніры – заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Так, сёлетняя выпускніца гімназіі з’яўляецца трохразовай пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства” і, адпаведна, трохразовай уладальніцай Прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальніцай 100-бальнага сертыфіката па рускай мове і звання “Лепшы выпускнік 2024 года”.
Сёння Ганна – студэнтка факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уручаючы Ганне Прэмію Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Юрый Віктаравіч адзначыў: – Таленавітая і адораная моладзь у нашай дзяржаве заўсёды знаходзіцца ў полі зроку Прэзідэнта. Жадаю, каб вы яшчэ неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды за свае інтэлектуальныя перамогі.
Падзячным лістом ад Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта за прафесійнае майстэрства, педагагічны талент, карпатлівую працу ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення была адзначана настаўнік гісторыі і грамадазнаўства дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія горада Петрыкава” Галіна Уладзіміраўна Туравец.
Таксама Падзячны ліст Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта за годнае выхаванне дачкі Ганны, якая паказала сябе чалавекам, здольным глыбока думаць, пераадольваць цяжкасці, паказваць цудоўныя вынікі, перамагаючы самых дастойных сапернікаў, быў уручаны бацькам Ганны: Святлане Валер’еўне і Віталію Анатольевічу.
Прыемна адзначыць, што выбудаваная ва ўстанове адукацыі “Гімназія горада Петрыкава” работа з адоранымі і матываванымі вучнямі чарговы раз атрымала прызнанне на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы. Так, за амаль 20-гадовую гісторыю ўстанова адукацыі выхавала 17 стыпендыятаў Прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і 11 уладальнікаў Прэміі губернатара вобласці.
Далучаемся да віншаванняў і жадаем ганараваным новых поспехаў і нагоды для гонару за дасягнуты вынік.