• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Лукашэнка расказаў аб непублічнай частцы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі

25.04.2024

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу 25 красавіка расказаў аб непублічнай частцы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва ахарактарызаваў ваенна-палітычную абстаноўку, якая складваецца ў рэгіёне ў цэлым і непасрэдна каля беларускіх граніц. Сітуацыя няпростая, і ў такіх абставінах трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу маладому пакаленню, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Мы ўсе, у першую чаргу бацькі, на чыіх дзяцей заходнія спецслужбы сёння глядзяць як на вярбовачны матэрыял, павінны быць больш уважлівымі да моладзі", - падкрэсліў ён.

У цяперашніх рэаліях сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі аб'ектыўна не можа заставацца нязменнай, канстатаваў Прэзідэнт. "У ёй з'явіцца новая тэма: ядзернае стрымліванне. Тыя, хто падштурхнуў нас да яе, павінны аб гэтым ведаць і разважліва глядзець на адназначныя наступствы сваіх, мякка скажам, неасцярожных рашэнняў", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

У парадку дня пасяджэння УНС - зацвярджэнне двух важнейшых дакументаў стратэгічнага планавання: абноўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі.

"У іх адлюстраваны ключавыя змяненні глабальнай ваенна-палітычнай абстаноўкі, нацыянальныя погляды на падтрыманне міжнароднага міру і стабільнасці, забеспячэнне ваеннай бяспекі нашай краіны і яе ўзброеную абарону. Замацаваны палажэнні аб грамадскай згодзе, непахіснасці ўстояў народаўладдзя і прававой дзяржавы", - абазначыў ключавыя пазіцыі Прэзідэнт.

Над Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, паводле яго слоў, працавалі не толькі вядучыя эксперты і прафесіяналы ў сферы бяспекі, але і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, неабыякавыя грамадзяне. Усе, каму неабыякава будучыня краіны, маглі азнаёміцца з тэкстам дакумента і паўдзельнічаць у дыскусіях, унесці канкрэтныя прапановы па яго дапаўненні.

"Зразумела, не ўсе механізмы абароны нацыянальных інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі былі вынесены на абмеркаванне. Каб усведамляць сур'ёзнасць і важнасць канцэпцыі, вы павінны ведаць: у развіццё гэтага дакумента прымаецца прававы акт закрытага характару, які ўстанаўлівае сістэму індыкатараў для ўсіх сфер жыццядзейнасці (палітычная, эканамічная, ваенная і іншыя)", - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА - Навiны Беларусi