• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Стартуе акцыя МНС "Бяспека ў кожны дом"

23.01.2023
23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акцыя МНС "Бяспека - у кожны дом" пройдзе ў Беларусі з 23 студзеня па 10 лютага, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт міністэрства.

Акцыя арганізавана для папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх і ўключае тры этапы. На першым - з 23 па 27 студзеня - у цэнтры ўвагі ратавальнікаў будуць жыхары краіны, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. Мерапрыемствы пройдуць у аддзяленнях дзённага знаходжання наркадыспансераў, цэнтрах бяспекі, апорных пунктах грамадскага правапарадку і пунктах прыёму другаснай сыравіны. Пад дэвізам "Цвярозы погляд на бяспеку" свае намаганні аб'яднаюць ратавальнікі, Чырвоны Крыж, УУС, духавенства, ветэраны МНС і добраахвотнікі.

На другім этапе, які пройдзе з 30 студзеня па 8 лютага, арганізатары акцыі пераключаць увагу на састарэлых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, жыхароў сельскіх населеных пунктаў, студэнтаў, а таксама вучняў выпускных класаў школ. У ходзе шырокамаштабнага мерапрыемства "Скарбонка бяспекі" для моладзі на базе сельскіх дамоў культуры пройдуць ток-шоу "Дыялог", гульня "Музычная бітва за бяспеку", віктарына "Дзе логіка?", інтэлектуальная гульня "Брэйн-рынг", а таксама гульня-конкурс "Дэтэктыўнае агенцтва МНС". Нямала цікавага падрыхтавана і для старэйшага пакалення. Плануюцца тэматычныя гутаркі, конкурсы, квесты, а таксама работа інтэрактыўных пляцовак SOS і "Небяспекі ў кватэры", "Бяспечная эвакуацыя" і "Правілы паводзін у натоўпе", "Эвакуацыйныя знакі" і "Экстранная дапамога", "Небяспечная печка" і "Інтэрактыўная карта ЧП". Не застануцца без увагі і наведвальнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання. Да прапагандыстаў МНС пры арганізацыі мерапрыемстваў акцыі далучацца таксама юнакі з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных (БМГАРП), работнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства.

Фінальны этап адбудзецца з 9 да 10 лютага. Па традыцыі ратавальнікі разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей, а таксама падрыхтуюць канцэртную праграму, у якой паўдзельнічаюць актывісты БМГАРП, калектывы мастацкай самадзейнасці і славутыя выканаўцы.

Таксама будуць задзейнічаны магчымасці работы ў анлайн-фармаце праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджары: заняткі, лекцыі праз інтэрнэт, адрасная рассылка буклетаў і бяспечнай карэспандэнцыі, а таксама тэлефонная сувязь у фармаце "На сувязі ратавальнікі…" для людзей з абмежаваным кантактам. Акрамя таго, на працягу ўсіх этапаў акцыі МНС будзе актыўна супрацоўнічаць са СМІ.

Ратавальнікі нагадалі асноўныя прычыны ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары. Гэта па-ранейшаму неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём. У большасці выпадкаў такія здарэнні - вынік чалавечай бесклапотнасці і грэбавання правіламі бяспекі.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi