Галоўная / Раён / Геаграфія

Геаграфія

Петрыкаўскі раён размешчаны ў заходняй частцы Гомельскай вобласці ў межах Прыпяцкага Палесся на вышыні 136 м над узроўнем мора. Мяжуе з Жыткавіцкім, Любанскім, Лельчыцкім, Кастрычніцкім, Калінкавіцкім, Мазырскім раёнамі.


Тэрыторыя раёна складае 2, 8 тыс. кв. км. Пад лесам занята 56 працэнтаў земляў. Усяго налічваецца каля ста відаў бярозавых, хваёвых і дубовых парод. Працягласць раёна з поўначы на поўдзень 62 км, з захаду на ўсход – 65 км.

На тэрыторыі раёна размешчана 120 населеных пунктаў. Адміністрацыйна, акрамя горада, яна падзелена на 16 сельскіх Саветаў: Бабуніцкі, Галубіцкі, Грабоўскі, Камаровіцкі, Капаткевіцкі, Капцэвіцкі, Калкоўскі, Канковіцкі, Лучыцкі, Ляскавіцкі, Муляроўскі, Мышанскі, Навасёлкаўскі, Петрыкоўскі, Птушыны, Чалюшчавіцкі.

Петрыкаў размешчаны на левым беразе ракі Прыпяць у 190 км ад абласнога цэнтра г. Гомеля, у 290 км - ад сталіцы Беларусі г. Мінска, у 12 км - ад чыгуначнай станцыі Муляроўка, якая знаходзіцца на лініі Брэст-Гомель. Праходзяць аўтамабільныя шляхі зносін у напрамку гарадоў Гомель, Брэст, Мазыр. Дзейнічае паромная пераправа.


Працякае рака Прыпяць з прытокамі Бобрык, Пціч, Трэмля, Убарць. Маецца возера Дзікае плошчай 69 га.

На тэрыторыі раёна выяўлена 99 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 61,5 млн. т., Петрыкаўскае радовішча калійных і каменных соляў, Брынеўскае радовішча бурага вугалю, тры радовішчы пяскоў з агульнымі запасамі 6,28 млн. м, дзевяць радовішчаў глін і суглінкаў з агульнымі запасамі 31,6 млн. м3, адна крыніца мінеральнай вады.


Паверхня тэрыторыі раёна плоская, забалочаная, уздоўж рэк маюцца пясчаныя дзюны і грады. 95% тэрыторыі раёна знаходзіцца на вышыні 120-140 м над узроўнем мора, 4% - звыш 140 м.

Вышэйшая кропка раёна знаходзіцца на ўсходзе, каля вёскі Чалюшчавічы.

Найменшая абсалютная вышыня 113 м на паўднёвым усходзе раёна-гэта зрэз ракі Прыпяць у месцы яе зліцця з ракой Пціч.

У кліматычным дачыненні тэрыторыя раёна адносіцца да Жыткавіцка-Мазырскага агракліматычнага раёна. Клімат умерана-кантынентальны.