Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
Навіны вобласці
Як не страціць падлетка? Заняць справай. На пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта абмеркавалі меры процівадзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў
28.03.2025

Як не страціць падлетка? Заняць справай. На пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта абмеркавалі меры процівадзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў

Увагу надалі таксама прафілактыцы наркаманіі і сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван Крупко.


Знішчалі лабараторыі, перакрывалі каналы 

Па выніках мінулага года Гомельшчына займае трэцяе месца сярод усіх рэгіёнаў краіны па ўзроўні нарказлачыннасці. Усяго на тэрыторыі вобласці выяўлена 552 нарказлачынствы, пры гэтым знішчаны дзве лабараторыі па вытворчасці псіхатропаў, 19 памяшканняў, дзе вырошчваліся нарказмяшчальныя расліны (з пачатку гэтага года – яшчэ тры памяшканні). Перакрыта шэсць каналаў паставак псіхатропных рэчываў і наркатычных сродкаў. Ліквідаваны таксама інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў. 

Мы – адзіны рэгіён, у якім у 2024 годзе зафіксавана скарачэнне колькасці нарказлачынстваў. Усяго па наркатычным стаццях былі затрыманы 357 чалавек, з іх 114 – сістэмныя збытчыкі. Больш за 60% злачынцаў – асобы старэйшыя за 30 гадоў. Практычна напалову ў нашай вобласці зменшылася колькасць падлеткаў, якім інкрымініруюць нарказлачынствы.

Значна павялічыліся аб'ёмы канфіскаваных незаконных рэчываў. У 2024 годзе іх агульная маса перавысіла 135 кілаграмаў – гэта рэкорднае значэнне. У 2023-м, да прыкладу, канфіскавалі 63 кілаграмы. 

Відаць, што работа праводзіцца, ёсць станоўчыя вынікі. Як было падкрэслена, асноўнае поле барацьбы з нарказлачыннасцю сёння змясцілася ў інтэрнэт. Менавіта ў інтэрнэце праваахоўнікі часцей за ўсё выяўляюць факты наркатрафіку і выходзяць на след тых, хто яго арганізуе, удзельнічае ў ім.

У цэлым прафілактычную дзейнасць, работу па апярэджанні і спыненні такіх злачынстваў неабходна ўзмацніць. У інтэрнэце і рэальным свеце. Больш актыўна выкарыстоўваць сродкі нагляднай агітацыі, сацыяльную рэкламу, СМІ, усе інфармацыйныя рэсурсы. Браць удзел у гэтым павінна не толькі міліцыя – усё грамадства.

Сярод раёнаў вобласці, дзе трэба падцягваць прафілактычную работу, названы Гомельскі, Лельчыцкі, Светлагорскі.


"Стаць на рэйкі" і прыносіць карысць

Занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час – вельмі важны фактар, якому надаецца вялікая ўвага ў прафілактычнай рабоце. Сярод тых, хто знайшоў законную падпрацоўку ў перыяд канікул, удзельнікаў студатрадаў, валанцёраў практычна не сустракаюцца кур'еры, закладчыкі і іншыя "ігракі" наркарынку. Усё ж такі матэрыяльная зацікаўленасць у дзяцей, якія вырашылі парушыць закон, застаецца асноўнай, прыярытэтнай. Тыя, хто зарабіў на кішэнныя расходы законным шляхам, рэдка паддаюцца сумніўным спакусам.

Важнае значэнне мае сацыяльная рэабілітацыя ўжо спатыкнуўшыхся калісьці падлеткаў. Тут асаблівая надзея на педагогаў, сацыяльныя службы. Такім дзецям жыццёва неабходны клопат, увага і, галоўнае, занятасць. Гэта значыць, уцягнутасць у якую-небудзь дзейнасць, праекты, магчымасць для самарэалізацыі.

Цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі, бацькоўскімі камітэтамі ўжо ўстояная традыцыя, але і ў гэтым накірунку трэба прыкладаць больш намаганняў, шукаць новыя падыходы. Як прыклад – навучанне тат і мам праграме на смартфоне, якая дазваляе адсочваць дзеянні дзіцяці ў інтэрнэце.

У рэабілітацыі наркаманаў ключавую ролю адыгрывае так званая замяшчальная тэрапія. Яна патрабуе строгага кантролю за пацыентамі з боку медыкаў. Колькасць тых, хто стаіць на ўліку нарказалежных асоб у вобласці планамерна скарачаецца. Сярод іх таксама вядзецца сур'ёзная прафілактычная работа. Важна не дапусціць рэцыдыву, паставіць чалавека "на правільныя рэйкі", вярнуць грамадству паўнавартасную асобу. Пры неабходнасці – дапамагчы з працаўладкаваннем. 

Удзел у пасяджэнні прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.

Да спіса